ІНТЭРСТЫЦЫЯ́ЛЬНЫЯ КЛЕ́ТКІ,

агульная назва клетак, што займаюць прамежнае становішча ў арганізме жывёл і чалавека. І.к., або клеткі Лейдыга, гландулацыты, размешчаныя паміж канальцамі семяннікоў у пазваночных, выпрацоўваюць мужч. палавыя гармоны (пераважна тэстастэрон) і ў невял. колькасці жан. палавыя гармоны. У яечніках млекакормячых І.к. мезенхімнага паходжання сінтэзуюць стэроідныя гармоны і выконваюць трафічную функцыю. І.к. з’яўляюцца таксама стваловыя клеткі ў целе ніжэйшых шматклетачных, здольныя развіцца ў нерв., палавыя і жыгучыя (у кішачнаполасцевых). У лічынак некат. насякомых І.к. — клеткі сярэдняй кішкі, насычаныя ліпоідамі (ліпахромныя клеткі), мяркуецца, падтрымліваюць нізкае значэнне pH у гэтым участку кішэчніка.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)